21 лютага - МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ❤


Сёння ў нашым рознагалосым свеце шмат цудоўных моў. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Родная мова асаблівая для кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. На жаль, сёння для большасці вучняў мовай, якую яны чуюць у паўсядзённым жыцці,  з’яўляецца руская. Сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе адсутнічае, а гэта, у сваю чаргу, уплывае на тое, што родная мова не з’яўляецца мовай дзіцячага мыслення.
Адным з дзейсных сродкаў вырашэння гэтай праблемы ў нашай установе адукацыі з’яўляецца правядзенне Дня роднай мовы. У  школе правядзенне такога свята ўжо стала добрай традыцыяй.  У гэтым навучальным годзе Дзень роднай мовы ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №7 г.Навагрудка” прайшоў пад дэвізам “Будзь разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы”. У гэты дзень ўся школа пераўтварылася ў інтэрактыўную пляцоўку.
Раніцай ўдзельнікі свята сустракалі ўсіх цёплымі беларускімі словамі прывітання, уручалі буклеты з выслоўямі беларускіх пісьменнікаў пра мову, а таксама сімвалічныя валошкі, якія сталі эмблемай дня і якія па жаданні можна было прымацаваць да адзення. Прынялі ўдзел у адкрыцці свята і выхаванца танцавальнага калектыву з яскравай полькай-весялухай.
Хол школы быў святочна ўпрыгожаны. Тут размяшчалася выстава “Унікальныя беларускія словы” па прынцыпе прадмет – назва па-беларуску,  інтэрактыўны плакат “Мілагучнае беларускае слова”, а таксама выстава беларускіх сувеніраў.
Вучні разам з настаўнікамі працуюць над праектам “Будзь ветлівым беларусам”. З гэтай нагоды на ўсе дзверы класных памяшканняў былі прымацаваны плакаты “6 прычын размаўляць па-беларуску”, “Вітайцеся правільна па-беларуску”, “ Гавары кампліменты па-беларуску”. Гэта былі своеасаблівыя плакаты-падказкі, на якіх была размешчана каштоўная інфармацыя пра словы-вітанні, якія можна выкарыстаць у розных жыццёвых сітуацыях, а таксама кампліменты па- беларуску.
Традыцыйным для нашай школы стаў конкурс на лепшае мастацкае чытанне беларускіх вершаў. Але былі ўнесены элеметы навізны і ў гэты конкурс. У холе школы была падрыхтована пляцоўка  “Адкрыты мікрафон”, і кожны мог паспрабаваць свае сілы ў гэтым спаборніцтве. А журы ў гэты раз было асаблівае: у яго склад увайшлі не настаўнікі-філолагі, а вучні-прызёры II этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Гэта было сапраўднае свята – чуць непаўторную беларускую мову, адчуць яе прыгажосць і велічнасць.
На працягу дня былі праведзены вясёлыя перапынкі для вучняў I ступені навучання: гульня-віктарына “Пазнай Беларусь”, наведванне этнаграфічнага кутка кабінета беларускай мовы, прагляд мультыплікацыйных фільмаў, ладзіліся беларускія гульні, вадзіліся карагоды і спяваліся песні. Але найбольш значным і запамінальным для дзяцей у гэты дзень стала магчымасць паўдзельнічаць у гульнёвай праграме з прадстаўленнем лялечнага тэатра “Піліпка-сынок”, а таксама акцыя “Дзеці-дзецям”, падчас якой старэйшыя вучні чыталі сваім малодшым сябрам беларускія казкі, байкі, апавяданні.
Не абмінула свята і школьную сталовую, якая на гэты дзень пераўтварылася ў цэнтр беларускай кухні. Наведвальнікі, сталуючыся, маглі пазнаёміцца з рэцэптамі беларускіх нацыянальных страў, паслухаць песні ў выкананні беларускіх спевакоў.
У адпаведнасці з тэматыкай дня быў аформлены інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, дзе была падрыхтавана выстава “Пісьменнікі-юбіляры”, а таксама албыўся інформ-рэліз “Роднаму слову гучаць вечна!”
Але самае галоўнае – гэта тое, што ў гэты дзень усе вучні, педагогі, бацькі, тэхнічны персанал школы імкнуліся гаварыць на роднай мове. І гэта дае ўпэўненасць у тым, што калі ў школе ладзяцца такія святы, то будзе квітнець наша родная Беларусь, а разам з ёй будзе жыць яе мілагучная мова.










Адкрыццё Дня роднай мовы “Будзем размаўляць па-беларуску”

Изображение
Изображение
Інтэрактыўны плакат “Мілагучнае беларускае слова”
Изображение
Адкрыты мікрафон. Лепшае мастацкае чытанне беларускіх вершаў
Изображение
Свята беларускіх гульняў
Изображение
Незвычайныя беларускія мульт фільмы
Изображение
Гульнёвая праграма з прадстаўленнем лялечнага тэатра “Піліпка- сынок”
Изображение
Акцыя "Чытаем разам"
Изображение
Изображение
Изображение
Вясёлыя перапынкi
Изображение
Экскурсія " Этнаграфічная скарбонка"
Изображение
Изображение

Комментариев нет:

Отправить комментарий